Вікторыя Ляйкоўская (Віка Трэнас) (vika_trenas) wrote,
Вікторыя Ляйкоўская (Віка Трэнас)
vika_trenas

  • Mood:

БЯЛЫНІЧЧЫНА: ГІСТАРЫЧНЫ ЭКСКУРС

Як вы думаеце, што яднае вядомую мастачку Ларысу Журавовіч, папулярную пісьменніцу Наталлю Батракову і блюзавага музыканта Юрыя Несцярэнку? Адказ – малая радзіма, гарадскі пасёлак Бялынічы Магілёўскай вобласці. Гэтае мястэчка, як, зрэшты, і ягоныя ваколіцы, увайшлі ў гісторыю не толькі з вышэй згаданымі імёнамі нашых сучаснікаў. Бялынічы ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах з XVI стагоддзя, у розныя часы яны належалі Сапегам, Радзівілам, Агінскім. У 1634 годзе мястэчку было нададзена магдэбургскае права, у 1650-х гг. тут пры кармеліцкім кляштары працавала друкарня... Як многія іншыя беларускія вёскі, мястэчкі і гарады, Бялынічы зазналі і знішчальныя пажары XIX ст., і бязлітасныя войны XX-га. Пра тое, якія таямніцы гісторыі гатовыя раскрыць Бялынічы, пра людзей, хто сталіся гонарам гэтай зямлі, і пра цікавую кнігу, што нядаўна пабачыла свет – сённяшняя гутарка.

Новы погляд на даўнія мясціны

Ілюстраванае выданне, апублікаванае напрыканцы мінулага года, апавядае пра Бялыніччыну, яе гісторыю ад першых летапісных згадак, пра славутых ураджэнцаў рэгіёна або тых знакамітасцей, чыё жыццё было непасрэдна звязана з гэтай зямлёй. Асаблівую цікавасць у кнізе “Бялыніччына: Краязнаўчы энцыклапедычны даведнік” уяўляюць артыкулы, прысвечаныя дахрысціянскім святыням – камяням і крыжам, а таксама старажытным архітэктурным помнікам. Асобнае месца адводзіцца паходжанню хрысціянскіх рэліквій, напрыклад, цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай. Наконт яго з’яўлення ў Бялынічах існуе некалькі легендаў, адных з якіх прытрымліваюцца праваслаўныя вернікі, іншых – каталікі.

Даведнік стаў вынікам працы калектыву аўтараў і з’яўляецца праектам рэдакцыі Бялыніцкай раённай газеты “Зара над Друццю”. Выданню папярэднічае ўступнае слова Аляксандра Вароніна, старшыні Бялыніцкага райвыканкама, у якім падкрэсліваецца важнасць захавання гістарычнай памяці: “Актуалізоўваючы зараз духоўныя здабыткі, дасягнутыя ўсімі пакаленнямі нашых папярэднікаў, мы сумесна і кожны паасобку пракладаем масток паміж былым і будучым”.

Дапытлівы краязнаўца

Укладальнікам кнігі і аўтарам праекта стаў Міхась Карпечанка – пісьменнік, журналіст, краязнаўца, рэдактар раённай газеты “Зара над Друццю”. Міхась Аляксеевіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Болін Краснапольскага раёна. Скончыў Наваельнінскую СШ Краснапольскага раёна, філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Бялыніцкага краязнаўчага таварыства, грамадскай ініцыятывы “Асацыяцыя краязнаўцаў малых мястэчак Магілёўшчыны”. Лаўрэат некалькіх раённых і абласных спецыяльных прэмій, у тым ліку – імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Спадар Міхась адносіцца да людзей з шырокімі гуманітарнымі зацікаўленнямі, таму чытачы ведаюць яго і як аўтара прозы. У лютаўскім нумары часопіса “Маладосць” будзе апублікаваная яго аповесць “Дэзерцір”. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Віка ТРЭНАС<\lj-cut>
Tags: мае артыкулы, мая калонка ў ЛіМе, мая прафесія, інфармацыйная падтрымка
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments