Вікторыя Ляйкоўская (Віка Трэнас) (vika_trenas) wrote,
Вікторыя Ляйкоўская (Віка Трэнас)
vika_trenas

Прома-група ВЮ, або Аповед пра “трохгаловага цмока”

(Блюзавая імправізацыя на тэму менеджэрскай самадзейнасці) :)



Дарагія сябры! У мяне апошнім часам з’явілася нядобрая звычка не тлумачыць нічога ў сваіх залішне інфарматыўных допісах, дзе, па шчырасці, дастаткова шмат новага, складанага і цьмянага :) як для вас, так і для мяне самой :) (жартую, канечне, бо ніколі не пішу пра тое, чаго не ведаю). У дадзены момант я тут, каб выправіць сваю фатальную памылку і адказаць на важныя для мяне і, спадзяюся, для вас таксама, пытанні.

Дык вось. На старонках майго блога пару дзён таму ў сувязі з праектам “Выявы-2009: Дыялог зорак” (якім мы літаральна трызнім ужо некалькі месяцаў – настолькі ён грандыёзны) http://vika-trenas.livejournal.com/112991.html з’явілася дзіўная і не знаёмая вам дагэтуль назва “прома-група ВЮ”. Некаторыя мае сябры, скажу вам па сакрэце, пачалі прапаноўваць свае, у тым ліку самыя неверагодныя, версіі адносна таго, што гэта такое. Насамрэч французскае слова “vu” перакладаецца як “убачанае”.

Што ж, урэшце, можна ўбачыць у гэтым самым ВЮ, калі прыгледзецца?



Спачатку ў поле вашага зроку, сябры мае, мусіць патрапіць бялявая шэравокая літара В, якая пры дэталёвым разглядзе акажацца дзяўчынай Вікай, г. зн., без залішняй сціпласці, мной :). В, аднак, далёка не галоўная літара ў алфавіце, як вы разумееце, таму яна з прыемнасцю саступае месца вытанчанай, чарнявай, з вачамі шакаладнага колеру літары Ю – Юліі Новік.

Для таго, каб больш не ўводзіць вас у зман і не ствараць ілюзіі зроку :), прызнаюся, што прома-група (дарэчы, упершыню менавіта такое азначэнне нашай бурлівай менеджэрскай самадзейнасці, нашай прыватнай ініцыятыве дала найцудоўнейшая, найталенавіцейшая Таня Беланогая) складаецца з трох чалавек. Побач з літарамі ВЮ увесь час віртуальна прысутнічае прыгожы сілуэт Дар’і Бельскай, прафесійнага дызайнера, якая жыве ў Варшаве, але душою і думкамі :) заўсёды ў Менску, у цэнтры культурных падзей.

Такім чынам, ВЮ у сапраўднасці прадстае ў выглядзе “трохгаловага цмока”, і гэтыя светлыя галовы :) штодзень вырашаюць складаныя задачы, здзяйсняюць “мазгавыя штурмы” дзеля таго, каб вам было прыемна, цікава і карысна наведваць імпрэзы, што арганізоўваюцца і праводзяцца прома-групай.

Паколькі галоваў тры, то, суадносна, і асноўных мэтаў у прома-групы тры:
1. Рэалізацыя доўгатэрміновых літаратурна-мастацкіх праектаў, у тым ліку міжнародных,
2. Арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў: сустрэч, дыскусій, прэзентацый, майстар-класаў з мэтай актуалізацыі беларускамоўнай культуры ў нашым грамадстве,
3. Адкрыццё і падтрымка маладых талентаў, выданне электронных кніг і дыскаў. Стварэнне агульнай моладзевай прасторы для творчасці, дыялогу, абмену вопытам.

Варта адзначыць, што чым галоваў у цмока больш, як вы ведаеце з беларускіх народных казак :), тым больш ён разумны і трывушчы, таму прома-група ВЮ абвяшчае адкрытасць сваёй суполкі і запрашае да супрацоўніцтва альтэрнатыўных творцаў, электронныя і друкаваныя СМІ, ЖЖ-камьюніці, -- карацей, усіх тых, каму неабыякавае актуальнае беларускае мастацтва. Створым культурную прастору разам!

Мы гатовыя адказаць на любыя, нават правакацыйныя пытанні :), па падрыхтоўцы і правядзенні нашых праектаў.

Нашы кантакты:

Юлія Новік
http://julienovik.unblog.fr

Віка Трэнас
http://vika-trenas.livejournal.com/

E-mail: vuavu@list.ru

P.S. У чаканні “Выяваў”. Фота Ніны Гронскай.
Злева направа: Віка Трэнас, Юлія Новік

Tags: Выявы-2009: Дыялог зорак, Юля Новік, літаратурна-мастацкі праект "Выявы", праекты, прома-група ВЮ
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 3 comments